Зміцер Дашкевіч і Анастасія Палажанка возьмуць шлюб у турме Вяселле пройдзе восенню у калоніі у Горках, дзе лідар Маладога Фронту адбывае двухгадовае турэмнае пакаранне – пра гэта Радыё Рацыя ў лісце паведаміў сам Зміцер Дашкевіч.
Маладзёны вырашылі ўзаконіць свае адносіны не чакаючы вызвалення і цяпер афармляюць усе неабходныя дакументы.
- Сведкаў і вясельнага фатографа ў калонію хутчэй за ўсё не пусцяць, аднак самі маладыя пасля заключэння шлюбу спадзяюцца атрымаць ад адміністрацыі дазвол на пазачарговае спатканне, - распавяла Радыё Рацыя Настасся Палажанка.
Самая ж галоўная праблема на сённяшні дзень, па словах маладых, тое, што канфіскаваны пашпарт Дашкевіча працягвае знаходзіцца ў КДБ. Галоўны дакумент маладафронтаўскага лідара забралі падчас аднаго з зімовых ператрусаў, аднак і гэтую перашкоду, спадзяецца Наста, удасцца пераадоліць.
|