Як дзейнічаць «маўклівым» далей? Чытачка «Салідарнасці» Вольга Мельнік прапануе свой варыянт адказу на гэтае пытанне. Некаторыя яе прапановы выглядаюць небясспрэчнымі, але ў цэлым ліст можа стаць адпраўным пунктам для дыскусіі на вышэйзгаданую тэму.
Каб акцыі «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» не сышлі стыхійна на нуль (гэта выглядала б як параза), трэба ўзяць арганізаваны тайм-аўт (напрыклад, да 1 верасня). Чым можна заняцца ў гэты час? Напрыклад, адкрыць сайты з адрасамі тыпу www.karateli.com i картатэкай фатаграфій ўсіх малойчыкаў у цывільным, якія, не прадстаўляючыся, не паказваючы пасведчанняў, хапаюць мірных людзей, якія гуляюць у цэнтры сваіх гарадоў, і цягнуць у аўтазакі. Менавіта гэтыя «ахоўнікі парадку» брудна лаюцца матам і ўчыняюць хуліганства ў дачыненні да простых грамадзян.
Трэба закідаць пракуратуру тысячамі зваротаў з прыкладаннямі фатаграфій і патрабаваннем аднаўлення законнасці. Закідаць суды тысячамі позваў у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў за парушэнне закона «Аб міліцыі» і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Збіраць картатэку міліцыянтаў, якія даюць ілжывыя сведчанні у судах. Асобна публікаваць фота суддзяў, якія выносілі супрацьзаконныя прысуды. Тых, хто ўдзельнічае ў палітычных рэпрэсіях, трэба пазбавіць пачуцця беспакаранасці, іх павінная саромецца ўласная сям’я, суседзі і знаёмыя павінныя грэбаваць падаць ім руку. Усе яны павінныя зразумець, што за злачынствы супраць законнасці адказваюць у канчатковым выніку не тыя, хто аддаваў злачынныя загады (яны хутчэй за ўсё першымі кінуць выканаўцаў і будуць папіваць шампанскае пад пальмамі), а непасрэдныя выканаўцы. Ім начамі павінен сніцца іх уласны Нюрнбергскі працэс. Мармытаць: «Я не вінаваты, я толькі выконваў загад», — не атрымаецца. Трэба дамагчыся, каб яны не шчыравалі і не ператвараліся ў звяроў, каб заўсёды памяталі пра адказнасць, якую давядзецца несці за свае злачынствы. І яшчэ адна прапанова: весці картатэку антыканстытуцыйных выказванняў і дзеянняў найвышэйшага кіраўніцтва краіны з указаннем, які артыкул Асноўнага закону парушаны. Час нарэшце ведаць свае правы і настойваць на іх выкананні — перш за ўсё гарантам Канстытуцыі!
Таксама трэба зрабіць упор на інфармацыйную працу. Каб як мага больш людзей спыталі сябе:
1. Беларусь займае першае месца ў свеце па колькасці супрацоўнікаў унутраных справаў на 100 тысяч насельніцтва. Яны атрымліваюць зарплаты і пенсіі, якія і не сніліся простаму смяротнаму. За гэта і іншыя шматлікія выгоды яны гатовыя дубасіць усіх сваіх суайчыннікаў. Навошта нам (ці каму-небудзь асабіста) такая колькасць «праваахоўнікаў»? З кім ваюем? Што/каго абараняем? У колькі абыходзіцца ўтрыманне гэтай плоймы бюджэту краіны, якая коціцца ў бездань эканамічнага крызісу? 2. Навошта нам урад, які ў разгар крызісу захоўвае магільнае маўчанне два месяцы і даводзіць справу да дэвальвацыі на 54,4%? Такога абвалу нацыянальнай валюты за апошнія 20 гадоў свет не ведаў, і карысці ад яго не было ні найменшай, акрамя павальнага збяднення насельніцтва. Урад не ў стане аналізаваць сітуацыю і рабіць своечасовыя захады, яно толькі чакае адмашкі: куды бегчы, за што хапацца, ні на секунду не задумваючыся пра наступствы. На паседжаннях сядзяць, уцягнуўшы галаву ў плечы і ўтаропіўшыся ў стол, калі іх лаюць на чым свет стаіць (яны гэта яшчэ і канспектуюць). Як яны дома сваім жонкам, дзецям, унукам у вочы пасля гэтага публічнага прыніжэння глядзець могуць? У іх ёсць толькі адна задача: як найдаўжэй заставацца ля кармушкі, атрымліваць свае вар’яцкія зарплаты, ільготы, пенсіі. Ім глыбока напляваць на сваіх суграмадзян, свой «камунізм» яны ўжо пабудавалі. Прапанова: стварыць картатэку абяцанняў чальцоў урада, якія тут жа былі парушаныя (пайменна і з фатаграфіямі, можа, будуць нарэшце думаць, перш чым ляпнуць чарговую ахінею). 3. Навошта нам парламент, які абмяркоўвае працягласць рэкламы на тэлебачанні, калі суайчыннікі б’юцца ў чэргах за валютай, адчайна спрабуючы выратаваць хоць нейкую частку сваіх зберажэнняў? Чым ён наогул займаецца, гэты парламент? Не чую!!! І гэта народныя абраннікі? Навошта мы іх абіралі? Каб, ціха адседзеўшы належны тэрмін у Авальнай зале і некалькі гадоў паўдаваўшы дурня, яны атрымалі пажыццёвую пенсію ў два з паловай мільёны рублёў? З нашай жа кішэні? 4. Навошта нам дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, якім забаранілі нават згадваць слова «крызіс»? Якія нагнятаюць атмасферу страху і нянавісці ў мірны час, без канца палохаюць тым, што мы ў коле ворагаў, што ўвесь свет нам зайздросціць і хоча нас знішчыць. Чаму зайздросціць? Якія ворагі — мы ж не за Уралам жывем, і многія з нас ездзяць за мяжу. Там няма ніякіх ворагаў! 5. Навошта нам кіраўніцтва краіны, якое сварыцца з усім светам замест таго, каб прыцягваць мільярдныя інвестыцыі, як гэта робяць нашы суседзі? У выніку такой палітыкі мы засталіся ў ганарлівай адзіноце перад тварам сваіх праблем. Сусветныя канцэрны стварылі дзясяткі тысяч працоўных месцаў у Польшчы, Украіне, Расіі, краінах Балтыі. Толькі нас адных няма ў гэтым спісе. 6. Навошта нам Міністэрства адукацыі, якое, па сутнасці, знішчыла сістэму сярэдняй і вышэйшай адукацыі? Пачытайце многія школьныя падручнікі, гэта ж трызненне вар’ята. Хто вучыць, а галоўнае, будзе вучыць нашых дзяцей праз некалькі гадоў, калі ў педуніверсітэт можна паступіць, здаўшы кожны тэст на 20–30 балаў з 100 магчымых? Двоечнікі? Навошта нашы студэнты вучацца не чатыры, а пяць гадоў — каб увесь першы курс паўтараць школьную праграму па гісторыі, здаваць залікі па абароне насельніцтва (як будаваць бліндажы з бярвення на выпадак атамнай вайны)? Бацькі за гэта плацяць сумы, ад якіх у немцаў дух захоплівае. У Заходняй Еўропе ў многіх ВНУ студэнцкія ўнёскі складаюць каля 150 еўра за семестр. Гэта пры іх даходах! Пытанняў можа быць яшчэ шмат… І самае важнае: хопіць баяцца, пазбаўляйцеся страху. Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што гэта нас спалохаліся, нашай нязгоды, нават нашага маўчання. Успомніце, нарэшце, што прэзідэнт — гэта дзяржаўны чыноўнік, які часова выконвае абавязкі прадстаўніка інтарэсаў народа. Дык калі ж ён прыступіць да выканання сваіх абавязкаў?
Источник: http://nn.by |